Аўторак, 21 Кастрычнік 2025 16:14

16 верасня 2025 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Людмілы Мікалаеўны Амельянюк (1950), заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь

Людміла Мікалаеўна Амельянюк нарадзілася 16 верасня 1950 г. у в. Стрыгава Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці, куды яе бацькі пасля заканчэння педінстытута па размеркаванні прыехалі на працу. Бацька Мікалай Кірылавіч працаваў настаўнікам матэматыкі і фізікі. Маці Ніна Андрэеўна — настаўніца рускай мовы і літаратуры, была кіраўніком харавога калектыву калгаса Дзімітрава, у 1951 г. узнагароджана граматай за творчыя дасягненні і актыўны ўдзел у развіцці мастацкай самадзейнасці.

Людміла Амельянюк пачатковую школу закончыла ў Стрыгаўскай сярэдняй школе. Потым у сувязі з пераводам бацькі на новыя месцы працы былі школы ў в. Залессе, в. Гарадзец Кобрынскага раёна. З 7 па 10 клас вучылася ў СШ № 5 г. Кобрына, якую закончыла з залатым медалём у 1967 г.

Дамашняя атмасфера садзейнічала выбару будучай прафесіі. Натхняў прыклад бацькоў, іх вялікай любові і паважлівага стаўлення да дзяцей і работы, таму Людміла і выбрала педагогіку. Пасля заканчэння ў 1972 г. Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў настаўніца іспанскай і англійскай мовы была размеркавана ў г. Брэст. З 1972 г. працавала настаўнікам іспанскай і англійскай моў у СШ № 3 г. Брэста.

У СШ № 2 (сёння гімназія № 5), дзе працавала з 1977 г., Людміла Мікалаеўна сцвердзілася і як педагог (1977–1988), і як намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце (1988–1997), і як дырэктар (1997–2017). Пад яе кіраўніцтвам установа адукацыі адной з першых у краіне арганізавала рознаўзроўневае навучанне іспанскай мове і выкладанне другой замежнай мовы, а таксама змяніла статус — стала лінгвістычнай гімназіяй. Выхаванцы Л. М. Амельянюк шмат разоў станавіліся пераможцамі абласных і рэспубліканскіх алімпіяд па іспанскай мове.

Людміла Мікалаеўна распрацавала методыку рознаўзроўневага навучання іспанскай мове, аўтарскія праграмы «Рознаўзроўневае навучанне іспанскай мове», «Літаратура Іспаніі» і «Краіназнаўства», метадычны дапаможнік «Зборнік практыкаванняў па прыназоўнікавым кіраванні ў сучаснай іспанскай мове», якія шырока выкарыстоўваліся ва ўстановах адукацыі Брэстчыны.

Па ініцыятыве Л. М. Амельянюк у адукацыйны працэс было ўведзена вывучэнне другой замежнай мовы (англійскай ці нямецкай), створана асабістая мадэль выкладання замежнай мовы ў школе. Дзякуючы яе намаганням у Брэсце быў створаны першы сучасны кабінет іспанскай мовы, абсталяваны спадарожнікавым тэлебачаннем, аўдыя- і відэатэхнікай.

Людміла Мікалаеўна стаяла ля вытокаў стварэння ў 1980 г. школьнага музея інтэрнацыянальнай дружбы «Амістад», які сёння з’яўляецца краіназнаўчым і выконвае функцыю цэнтра адукацыі і выхавання вучняў па замежных мовах. У ім сабрана больш за 1000 экспанатаў, прывезеных настаўнікамі, вучнямі і гасцямі школы з Іспаніі, Кубы, Польшчы і іншых краін. Музей мае званне народнага, узнагароджаны Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У 1984 г. група лепшых вучняў школы пабывала ў гасцях у кубінскіх школьнікаў. Два гады (1986–1988) Людміла Мікалаеўна працавала перакладчыкам іспанскай мовы ў Рэспубліцы Куба. На працягу шэрага гадоў Л. М. Амельянюк узначальвала пярвічную арганізацыю Таварыства савецка-кубінскай дружбы, за актыўную дзейнасць якой у 1988 г. атрымала грамату Кубінскага таварыства дружбы народаў. Работа Л. М. Амельянюк па інтэрнацыянальным і патрыятычным выхаванні моладзі была адзначана сярэбраным медалём ВДНГ СССР.

З 2001 г. па 2006 г. гімназія пад кіраўніцтвам Л. М. Амельянюк з’яўлялася эксперыментальнай і інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па апрабацыі і ўкараненні тэхналогіі модульнага навучання, інавацыйным цэнтрам павышэння кваліфікацыі настаўнікаў Брэстчыны па засваенні сучасных адукацыйных тэхналогій. У 2007 г. гімназія перамагла ў абласным конкурсе «Мадэль сучаснай адукацыйнай установы, якая працуе вынікова».

Л. М. Амельянюк — заснавальніца шматлікіх гімназічных традыцый, ініцыятар правядзення фестываляў «Фіеста» і «Славянскі базар», літаратурна-музычных гасцёўняў для вучняў і настаўнікаў, стварэння гімназічнай тэлестудыі «Five-TV» і газеты «Кенгуру». Вялікую ўвагу ўдзяляла стварэнню ўмоў для працы і вучобы. Усе педагогі адзначалі добразычлівую атмасферу, дэмакратычны, заснаваны на ўзаемнай павазе характар супрацоўніцтва паміж настаўнікамі рознага ўзросту.

Узнагароджана Ганаровай граматай ЦК ЛКСМ Беларусі (1985), граматамі Вярхоўнага Савета БССР (1986), Заходняй памежнай акругі КДБ СССР (1986), Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (1997), медалём «За працоўныя заслугі» (2006). Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (2000). Тройчы лаўрэат прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў (2001, 2012, 2016). У арсенале ўзнагарод Л. М. Амельянюк — чатыры прэміі Брэсцкага аблвыканкама за работу па падрыхтоўцы пераможцаў алімпіяднага руху. Званне «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь» прысвоена ў 2012 г.

Адметнасць Л. М. Амельянюк — яе актыўная грамадская пазіцыя. З’яўлялася дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў XXIV склікання (2003–2006).

З 2023 г. Людміла Мікалаеўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Кабайда, Г. И. Омельянюк Людмила Николаевна / Г. И. Кабайда // Брест. Брэст. Brest, 1000 / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 363.
  2. Омельянюк Людмила Николаевна // Кто есть Кто в Республике Беларусь. Минск, 2009. С. 167.
  3. Омельянюк Людмила Николаевна // Кто есть Кто в Республике Беларусь. Минск, 2004. С. 210.
  4. Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь. Амельянюк Людміла Мікалаеўна // Па працы – пашана : біябібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 104.
  5. 75 гадоў з дня нараджэння Л. М. Амельянюк (1950) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 160.
  6. Вядомыя землякі : Амельянюк Людміла Мікалаеўна // Скрозь памяць стагоддзяў : інфармацыйна-бібліяграфічны паказальнік да 500-годдзя з часу першага згадвання ў пісьмовых крыніцах в. Стрыгава, в. Балоты Кобрынскага раёна / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. Кобрын, 2013. С. 16.
  7. Грышкевіч, С. Работа як хобі : [пра заслужаную настаўніцу Беларусі, дырэктара гімназіі № 5 г. Брэста Л. М. Амельянюк] / Сяргей Грышкевіч // Настаўніцкая газета. 2016. 31 сакавіка. С. 1.
  8. Гармель, Е. Язык мой – друг мой? : [об изучении иностранных языков в гимназии № 5 г. Бреста] / Елена Гармель // Заря. 2010. 21 декабря. С. 10–11.
  9. Омельянюк, Л. Н. Лингвистическая гимназия: традиции, новации, достижения : интервью с директором лингвистической гимназии № 5 г. Бреста Л. Н. Омельянюк / Л. Н. Омельянюк ; беседовала Д. П. Зылевич // Народная асвета. 2006. № 9. С. 42–44.
  10. Праца як шчасце кожнага дня : [пра дырэктара гімназіі № 5 г. Брэста Л. М. Амельянюк] / падрыхтавала Дз. П. Зылевіч // Народная асвета. 2006. № 9. 3-я с. водкл.
  11. За трудовые заслуги – медаль : [награждена директор гимназии № 5 г. Бреста Л. Н. Омельянюк] // Заря. 2006. 2 сентября. С. 2.
  12. Амельянюк, Л. М. Ад цыклапаточнага раскладу да мультыпрофільнага навучання : [аб арганізацыі вучэбна-метадычнай работы ў лінгвістычнай гімназіі № 5 г. Брэста] / Л. М. Амельянюк ; падрыхтавала Наталля Калядзіч // Настаўніцкая газета. 2004. 25 сакавіка. С. 2.
  13. Калядзіч, Н. Рэгіянальная адукацыя: лінгвістычная гімназія № 5 г. Брэста / матэрыялы паласы падрыхтавала Наталля Калядзіч // Настаўніцкая газета. 2004. 25 сакавіка. С. 2.
  14. Омельянюк, Л. Подружились на острове Свободы : [ученики СШ № 2 г. Бреста отдыхали на Кубе] / Л. Омельянюк // Заря. 1985. 20 апреля.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 100 разоў Апошняя змена Серада, 22 Кастрычнік 2025 08:42