Серада, 12 Лістапад 2025 11:55

2025 г. — 1020 гадоў з часу першага ўзгадвання в. Здзітава (Бярозаўскі р-н; 1005), аднаго з найстарэйшых паселішчаў Брэстчыны

Вёска Здзітава Спораўскага сельсавета Бярозаўскага раёна — адзін з самых старажытных населеных пунктаў Брэсцкай вобласці. Упершыню ўзгадваецца як горад Здзітаў у 1005 г. (6513 г.) ва Устаўной грамаце «О поставлении Туровской епископии», потым у «Ипатьевской летописи» пад 1252 г., калі паселішча было апорным пунктам войска Данілы Галіцкага ў час яго вайны з Міндоўгам.

Паводле археалагічных звестак, г. Здзітаў існаваў у ХІ–ХІІІ стст., уваходзіў у спіс 35 гарадоў рускіх зямель, што існавалі на Беларусі да 1300 г. Тут праходзілі Дняпроўска-Нёманскі і Дняпроўска-Бугскі водныя шляхі, «дорога великая Березинская и Здитовская». Назва горада, верагодна, паходзіць ад назвы ракі Дзітва. Месцазнаходжанне горада Здзітаў дакладна вызначана ў 1938 г. Выявіў гарадзішча А. Цынкалоўскі, абследаваў М. А. Ткачоў (1970), правёў раскопкі Я. Г. Звяруга (1971).

На правым беразе ракі Ясельда, каля в. Старамлыны, захаваліся рэшткі гарадзішча. Яно займала ізаляваны ўзгорак плошчай больш за 1 га ў нізіннай, месцамі забалочанай поймы ракі. З усходняга і заходняга бакоў да яго прымыкае старажытнае селішча плошчай каля 3 га. Археолагам Яраславам Генрыхавічам Звяругам (1928–2011) быў ускрыты культурны пласт да 1,5 м на плошчы 220 м. У выніку раскопак выяўлены прадметы, блізкія да матэрыяльнай культуры гарадоў Тураўскай зямлі і Беларускага Панямоння. Аднак маштабныя археалагічныя раскопкі зрабіць немагчыма: большая частка помніка знішчана кар’ерам і пашкоджана вясковымі могілкамі, якія размясцілі тут у сярэдзіне ХХ ст.

У 1240-я гг. князь літоўскі Міндоўг авалодаў Здзітавам-на-Ясельдзе. У 1263 г. Войшалк (сын Міндоўга) выдаў сваю сястру за Шварна Данілавіча і даў яму у пасаг гарады Здзітаў і Слонім. У выніку ваенных дзеянняў кіеўскіх князёў супраць яцвягаў горад быў разбураны, а жыхары перасяліліся ў іншыя мясцовасці з той жа назвай. За 7 км ад старажытнага горада на рацэ Дарагабуж — у сучасную в. Здзітава Спораўскага сельсавета, а таксама за 22 км ад горада — сучасны аг. Здзітава Здзітаўскага сельсавета.

З пачатку ХІV ст. у складзе Вялікага княства Літоўскага. У 1430 г. мястэчка. З другой паловы ХV ст. вядомы «Здзітаў Гарадок» («Здзітаў дварэц») каля возера Спораўскае — цэнтр дзяржаўнай воласці Слонімскага павета Трокскага ваяводства. У 1452 г. значная частка воласці была перададзена пінскаму князю Юрыю Сямёнавічу. Потым Здзітаў каралём польскім і вялікім князем літоўскім Казімірам падараваны «княгіні Швітрыгайлавай». Узгадваецца ў «Кнізе судовых спраў літоўскіх» (1520).

У 1520 г. «двор» — адміністрацыйна-гаспадарчы цэнтр воласці і мястэчка, праз якое ішла вялікая дарога з Валыні ў Вільню. З другой паловы ХVІ ст. у Слонімскім павеце Навагрудскага ваяводства. У 1567 г. упамінаецца царква Успення. У 1590 г. Здзітаўская воласць з дваром, мястэчкам і фальваркам у закладзе ў слонімскага старасты Льва Сапегі. У ХVІІ–ХVІІІ стст. Здзітаў — цэнтр староства Сапегаў у Навагрудскім ваяводстве.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Здзітава знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі. У 1886 г. — мястэчка Пескаўскай воласці Слонімскага павета Гродзенскай губерні, 57 двароў, 644 жыхары, царква, школа, піцейны дом. У 1897 г. — 754 жыхары. У 1905 г. у сяле 981 жыхар.

Аб беднасці жыхароў сяла пад псеўданімамі «Здзітавец», «Стары дзед», «Стары Міхась», «Дзед Міхась» пісаў у 1910–1914 гг. у беларускую газету «Наша Ніва» настаўнік Здзітаўскага народнага вучылішча і краязнаўца Міхаіл Андрэевіч Рамановіч. Ён у пачатку 1900-х гг. падрыхтаваў рукапісны «Сборник народных песен крестьян Кобринского и Слонимского уездов Гродненской губернии».

У 1915 г. Здзітава акупіравана германскімі войскамі, з 1919 г. — войскамі Польшчы. У ліпені – жніўні 1920 г. на кароткі час была ўстаноўлена савецкая ўлада. З 1921 г. у складзе Палескага ваяводства Польшчы. У 1924 г. у Пескаўскай гміне Косаўскага павета, 189 будынкаў, 960 жыхароў.

З 1939 г. у Беларускай ССР. З 1940 г. цэнтр Здзітаўскага сельсавета, 1458 жыхароў. Дзейнічалі школа, ветраны млын, хата-чытальня. У 1941–1944 гг. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У час акупацыі ў заходняй частцы вёскі базіраваліся штаб Брэсцкага партызанскага злучэння, Брэсцкі падпольны абкам КП(б)Б.

3 красавіка 1944 г. карнікі пачалі наступаць на пазіцыі партызан з некалькіх напрамкаў. Партызаны і 10 тыс. мірных жыхароў, якія знаходзіліся пад іх аховай, апынуліся ў акружэнні. 7 дзён партызанскія атрады паспяхова адбівалі атакі карнікаў. Пасля адышлі на другую лінію абароны, штурмаваць якую гітлераўцы не адважыліся. У 1975 г. на месцы баёў быў створаны мемарыяльны комплекс «Здзітаўская абарона» (скульптар В. Д. Кліменка, архітэктар В. А. Пак).

У 1959 г. у вёсцы Здзітава — 127 гаспадарак, 615 жыхароў, у 1970 г. — 565 гаспадарак, 1212 жыхароў, працавалі сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, 2 магазіны. 18 студзеня 1988 г. Здзітаўскі сельсавет перайменаваны ў Спораўскі, а Углянскі — у Здзітаўскі сельсавет. У 1999 г. — 1085, у 2009 г. — 880 жыхароў.

Аднак звесткі, што ўтрымліваюцца ў грамаце «О поставлении Туровской епископии», якая напісана ў канцы ХIV ст., не могуць адназначна лічыцца даставерным сведчаннем першага пісьмовага ўпамінання аб Здзітаве. У 1998 г. устаноўлены памятны знак — валун з шыльдай, на якой надпіс: «Здзітаў. 1-е ўпамінанне ў Іпацьеўскім летапісе ад 1252 г.».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі

 

  1. Звяруга, Я. Г. Здзітаў / Я. Г. Звяруга. Здзітаўская абарона // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 48.
  2. Здитово : [Здитовский сельсовет]. Здитово : [Споровский сельсовет]. «Здитовская оборона». Здитовская оборона 1944 // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 399–400.
  3. Здітава : [Спораўскі сельсавет] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 174–176.
  4. Бакцінееў, Ш. Здзітава : [Спораўскі сельсавет] / Шаміль Бакцінееў, Міхаіл Спірыдонаў, Валерый Шаблюк. Звяруга, Я. Здзітаў / Яраслаў Звяруга // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 438.
  5. Здитово : [Березовский район] // Города, местечки и замки Великого Княжества Литовского : энциклопедия. Минск, 2009. C. 155–156.
  6. Звяруга, Я. Г. Здзітаў / Я. Г. Звяруга // Археалогія і нумізматыка Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 1993. С. 274.
  7. Здзітава. Сікорын, М. Дз. Здзітаўская абарона / М. Дз. Сікорын // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 551–552.
  8. Поссе, В. С. Мемориальный комплекс «Здитовская оборона» : [Здитово, Споровский сельсовет] / В. С. Поссе, А. А. Факторович, О. В. Терещатова // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 119.
  9. Мяцельскі, А. А. Здзітаў ХІ–ХІІІ стагоддзяў: да пытання аб лакалізацыі населенага пункта / Андрэй Мяцельскі, Алег Іоў // Гістарычна-археалагічны зборнік / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі. Мінск : Беларуская навука, 2022. Вып. 36. С. 181–185.
  10. Звериго, Я. Г. К вопросу о местонахождении летописного Здитова / Звериго Я. Г. // Тезисы пленарных и секційних доповідей : результаті польових археологічних дослиджень 1970–1971 рр. на територіі Украіны. Одесса, 1972. С. 358–360.
  11. Ткачев, М. А. Исследования памятников оборонного зодчества Белоруссии / М. А. Ткачев // Археологические открытия 1970 года. Москва : Наука, 1971. С. 307–308.
  12. Лютыч, Р. В унисон с историей : [д. Здитово Споровского сельсовета отметила 1020-летний юбилей] / Рита Лютыч // Маяк. Берёза, 2025. 6 августа. С. 5.
  13. Цімошык, Л. Узрост – 1020!.. : [пра в. Здзітава Бярозаўскага раёна] / Ларыса Цімошык // Звязда. 2025. 30 ліпеня. С. 9.
  14. Расафонаў, А. Гарадзішча, Старамлыны, ці быў тут летапісны Здзітаў? : [Драгічыншчыну наведаў малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута археалогіі НАН Беларусі А. М. Максімовіч] / Андрэй Расафонаў // Драгічынскі веснік. 2018. 1 верасня. С. 14.
  15. Чайчиц, В. С любовью к Здитово : [о старейшем поселении Берёзовщины] / Виктор Чайчиц // Маяк. Берёза, 2017. 2 сентября. С. 6.
  16. Крукович, Н. Здитово. Традиция продолжается : [праздник д. Здитово Споровского сельсовета] / Нина Крукович // Маяк. Берёза, 2015. 19 августа. С. 5.
  17. Сінкевіч, М. Гузік для валькірыі : па слядах адной легенды : [легенды в. Здзітава Бярозаўскага раёна] / Мікалай Сінкевіч // Бельскі гостінэць. Бельск-Падляскі, 2013. № 2. С. 151–153.
  18. Лаванцэвіч, Л. Старажытны горад Палесся : [Здзітаў] / Лена Лаванцэвіч // Гістарычсная брама. 2002. № 1–2. С. 73.
  19. Выбраныя артыкулы з газеты «Наша Ніва» : [інфармацыі з в. Здзітава 1910–1914 гг.] / [падрыхтаваў] Сяргей Кнырэвіч // Гістарычная брама. 2002. № 1–2. С. 66–72.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 71 разоў