У склад дэлегацыі ад Маларытчыны, якая накіравалася ў Мінск на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Андрэем Гарбацэвічам, увайшла і жыхарка в. Дарапеевічы, прадаўжальніца традыцыі выпякання хлеба з грэцкай мукі Валянціна Іванаўна Гатоўчыц, якая навучылася пячы грачанікі ад сваёй маці — Сцепаніды Аляксееўны Сцепанюк (1935–2022), народнага майстра Беларусі, Ганаровага грамадзяніна Маларыцкага раёна. Яе грачанікі, а таксама хлеб з грэцкай мукі Кацярыны Калянкевіч з в. Дрочава прадэгуставала рэспубліканская камісія.
Звычай выпечкі хлеба з грэчневай мукі, які бытуе ў Маларыцкім раёне, атрымаў афіцыйны статус гісторыка-культурнай каштоўнасці як нематэрыяльная форма творчасці. Пасля разгляду на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады (рашэнне ад 12 лютага 2020 г.), Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прыняло рашэнне аб уключэнні гэтага элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (113АК000139).
На землях Маларытчыны грачыха давала лепшы ўраджай, чым пшаніца. Малолі зерне грэчкі на жорнах, у грачаную муку дабаўлялі пшанічную. Працэс выпякання складаецца з наступных этапаў: прыгатаванне апары, вытрымка, замешванне цеста і ўласна выпяканне. Замешвалі цеста вечарам, каб выстаялася, раніцай зноў вымешвалі, каб выйшлі рэшткі паветра, давалі пастаяць гадзіну-другую. У добра нагрэтай печы грачанікі выпякаюцца хвілін 40.
На тэрыторыі Маларыцкага раёна больш яскрава праяўляецца традыцыя выпякання грэцкага хлеба ў вёсках Гвозніца, Брадзяцін, Арэхава, Дрочава, Хаціслаў, Сушытніца, Лукава, Грушка, Дарапеевічы, Збураж. Сярод носьбітаў старажытнай традыцыі — Лідзія Ваўрушэвіч і Надзея Курганюк з Гвозніцы, Вольга Шыгалёва і Валянціна Барысюк з Сушытніцы і многія іншыя.
Улічваючы, што асноўнай задачай прызнання традыцыі выпечкі хлеба з грэцкага зерня ў якасці нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны з'яўляецца захаванне і перадача гэтага майстэрства будучым пакаленням, у Доме фальклору в. Дарапеевічы, паралельна з заняткамі па традыцыйных рамёствах, арганізавана навучанне ўмельству выпечкі грачанікаў.
Грачаны хлеб ад майстроў Маларытчыны з’яўляецца на фестывалях і кірмашах як брэнд нашага краю. Яго смакавалі на рэспубліканскім каравай-фэсце «Бацькава булка» ў г. Свіслач Гродзенскай вобласці. Быў таксама прадстаўлены на выставе «Брэстчына этнаграфічная: Маларыцкі край» у Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі (2025).
Грачанік, грэчаны хлеб, бабка… Па-рознаму называюць яго ў нашых вёсках, але гэты хлеб — як візітная картка Маларытчыны. Без яго некалі не ўяўлялі ні вясельныя сталы, ні іншыя святочныя застоллі. Ды і цяпер, калі клічуць гасцей на якую бяседу, гаспадыні стараюцца абавязкова спячы грачанікі ці заказаць іх выпечку ў мясцовай майстрыхі. Рэдка каго пакіне раўнадушным смак гэтага хлеба з хрумсткай, залатой скарыначкай і далікатным, духмяным мякішам. Нездарма грачанікі, нават пры наяўнасці выбару хлеба, заўсёды першымі знікаюць са стала. Карацей кажучы, грачанік — на стале начальнік.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай.
Кучына Галіна Уладзіміраўна, загадчык аддзела маркетынгу,
сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы
- Навумчык, М. Бацькава булка : [пра ўдзел у каравай-фэсце «Бацькава булка» ў г. Свіслач майстроў з Маларытчыны] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2025. 20 жніўня. С. 3.
- Пракапук, Г. Грачанік — на стале начальнік : [пра Лідзію Ваўрушэвіч з в. Гвозніца, якая шмат гадоў выпякакае грачаны хлеб] / Галіна Пракапук // Голас часу. Маларыта, 2024. 6 лістапада. С. 2.
- Навумчык, М. Бацькава булка : [дэлегацыя Маларыцкага раёна прыняла ўдзел у каравай-фэсце «Бацькава булка» ў Гродзенскай вобласці] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2024. 28 жніўня. С. 8.
- Муха, Ф. Гречка, черника и творческий подход : [о работе хлебозавода Малоритского райпо] / Федор Муха // Вести потребкооперации. 2023. 15 сентября (№ 36). С. 8.
- Навумчык, М. Хлеб «Брэтонскі грачаны» ад маларыцкіх хлебапёкаў : [на хлебазаводзе Маларыцкага райспажыўтаварыства з лістапада 2022 г. выпякаецца хлеб «Брэтонскі грачаны», ці па-іншаму — маларыцкі грачанік] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2023. 30 жніўня. С. 3.
- Навумчык, М. Грачанік — на стале начальнік : [майстар-клас па выпяканню грачанага хлеба паказвае народны майстар Беларусі Валянціна Іванаўна Гатоўчыц, якая працуе ў школе народнай творчасці Дарапеевіцкага Дома фальклору] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2022. 16 лістапада. С. 4.
- Казловіч, В. Там і рай, у каго хлеба край : [аб традыцыі выпякання хлеба з грэчневай мукі ў в. Дарапеевічы Маларыцкага раёна] / Валянціна Казловіч // Рэспубліка. 2021. 27 жніўня. С. 24.
- Навумчык, М. Пра грачаны хлеб, тэхналогію ткацтва «кажушком»… : [у Кобрыне прайшла рэспубліканская нарада па пытаннях выканання работ на аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны, удзел у якой прыняў Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2021. 13 мая. С. 5.
- Пракаповіч, Г. Традыцыя выпякання грачанага хлеба / Ганна Пракаповіч // Культурнае жыццё Брэстчыны / ДзУК «Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр». Брэст, 2020. № 10. С. 34–35.
- Навумчык, М. І педагог, і пекар : [пра настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Маларыцкай раённай гімназіі Н. А. Асіпук, якая занялася традыцыяй выпякання грэцкага хлеба] / Мікалай Навумчык // Настаўніцкая газета. 2020. 16 мая. С. 16.
- Максімук, Н. Маларыцкія грачанікі : [рэцэпт дамашняга хлеба з грэцкай мукі, які выпякаюць вучні Арэхаўскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна] / Наталля Максімук // Настаўніцкая газета. 2021. 24 красавіка. С. 15.
- Козлович, В. Там и рай, у кого хлеба край : [о традиции выпекания гречневого хлеба в д. Доропеевичи Малоритского района рассказала народный мастер Беларуси С. А. Степанюк] / Валентина Козлович // СБ. Беларусь сегодня. 2020. 4 марта. С. 14.
- Кивачук, Л. Уникальный хлеб / [Лидия Кивачук ; записала] Елена Данилова : [о придании статуса нематериального культурного наследия традиции выпечки гречневого хлеба в Малоритском районе] // Заря. 2020. 15 февраля. С. 4.
- Максімук, С. Статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці : [трыдыцыя выпякання хлеба з грэцкай мукі на Маларытчыне] / Святлана Максімук // Голас часу. Маларыта, 2020. 15 лютага. С. 2.
- «Маларыцкія грачанікі лепшыя ў свеце!» : [традыцыі выпякання маларыцкіх грачанікаў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці] // Голас часу. Маларыта, 2020. 13 лютага. С. 4.
- Максімук, С. Грачанікі з арэхаўскім смакам ад Аляксандры Алесік : [пра асаблівасці выпечкі грачанікаў Александрай Андрэеўнай Алесік з в. Арэхава] / Святлана Максімук // Голас часу. Маларыта, 2019. 14 октября. С. 5.
- Яцушкевіч, К. Сакрэтам выпякання грачанікаў валодаюць у Брадзяціне : [аб жыцці Надзеі Рыгораўны Курганюк з в. Гвозніца] / Кацярына Яцушкевіч // Голас часу. Маларыта, 2018. 18 лістапада. С. 4.
- Яцушкевіч, К. Самы смачны хлеб / Кацярына Яцушкевіч : [аб жыцці Надзеі Рыгораўны Курганюк з в. Гвозніца] // Голас часу. Маларыта, 2018. 25 ліпеня. С. 6.
- Ківачук, Л. Грачанік вагаю ў жыццё / Лідзія Ківачук : [у гасцях у Надзеі Рыгораўны Курганюк з в. Гвозніца, якая дала майстар-клас па выпечцы грачаніка] // Голас часу. Маларыта, 2014. 8 снежня. С. 4.
- Навумчык, М. Грачанік з рыцкім смакам / Мікалай Навумчык // Культура. 2014. 26 ліпеня. C. 10–11.
- Навумчык, М. Спадчына зямлі маларыцкай : культура — культ святла / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2014. 21 чэрвеня. C. 3.
- Гарбацэвіч, А. Калі спадніца і грачанік – брэнды... : [аб арганізацыі работы ў аддзеле культуры Маларыцкага райвыканкама] / Андрэй Гарбацэвіч // Культура. Мінск, 2014. 26 красавіка. С. 12.
- Мощик, С. Гречаники из печи на стол мечи : [Евдокия Васильевна Прокопук из д. Бродятин Малоритского района и ее гречаники] / Сергей Мощик // Вечерний Брест. 2011. 2 марта. С. 7.
- Яскевіч, С. У Збуражы не бядуюць, што грэчка дарагая, тут яе самі вырошчваюць і пякуць грачанікі : [выпяканне грэчанага хлеба ў в. Збураж Маларыцкага раёна] / Святлана Яскевіч // Звязда. 2011. 25 лютага. С. 3.
- Максімук, С. Гвозніцкія грачанікі / Святлана Максімук // Голас часу. Маларыта, 2010. 22 сакавіка. С. 5.