Аўторак, 18 Лістапад 2025 11:43

4 снежня 2025 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Сцепаніды Аляксееўны Сцепанюк (1935–2022), народнага майстра Рэспублікі Беларусь, Ганаровага грамадзяніна Маларыцкага раёна

Сцепаніда Аляксееўна Сцепанюк нарадзілася 4 снежня 1935 г. на хутары паблізу в. Дарапеевічы Брэсцкага павета Палескага ваяводства (цяпер Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У час вайны па загаду немцаў сям’я пераехала ў Дарапеевічы. Маці добра ткала, ткацкія кросны зрабіў бацька. Бацькі выраблялі адзенне, рушнікі, пакрывалы, палавікі, прадавалі альбо мянялі на ежу — так выжывалі ў час вайны.

Сцепаніда ўсяму вучылася ў маці: прасці пачала гадоў з шасці, а за кросны села, калі было ёй дзевяць. З дзяцінства прывучана да цяжкой сялянскай працы. Працавала на пасадцы леса, даяркай на ферме, з 1969 г. і да пенсіі — швачкай у Доме быту, да яе прыязджалі адзецца з усяго наваколля.

Сцепаніда Сцепанюк (баба Стэпа) — асоба вядомая, яркая, самабытная, чалавек чуйны, назіральны, з высокім мастацкім густам. Сваёй працай, ведамі, уменнямі яна змагла тканай ніткай як бы злучыць у адно цэлае вякі, якія прайшлі, з днём сённяшнім. Аднавіла ўнікальную традыцыйную тэхналогію ткацтва «кажушком», якая ў 2023 г. унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (13БК000169).

Адноўленая С. А. Сцепанюк тэхналогія ткацтва касцюма Маларыцкага строю адзення прынесла ёй вядомасць і прызнанне. Амаль усё жыццё жанчына займалася тым, што апранала людзей. Сваім творчым абавязкам яна лічыла адаптацыю традыцыі да сучасных умоў, стварала ўзоры касцюма ці яго элементаў (да прыкладу, мужчынскіх гальштукаў) для паўсядзённага карыстання. У 2008–2018 гг. працавала ў раённым цэнтры народнай творчасці.

Сваёй самабытнай творчасцю не раз здзіўляла жыхароў не толькі Беларусі, але і Польшчы, Расіі, Украіны. Невыпадкова спецыялісты называюць яе «зоркай Палесся». Усяму, што ўмее, навучыла дачку Валянціну Іванаўну Гатоўчыц. Стала ініцыятарам стварэння гуртка ткацтва ў Дарапеевіцкім Доме культуры, кіруе ім В. І. Гатоўчыц, якая ў 2022 г. удастоена звання «Народны майстар Рэспублікі Беларусь».

Справа рук Сцепаніды Аляксееўны — ручнік для абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі–2010», які праходзіў у Маларыце, стаў адным з галоўных атрыбутаў і сімвалаў свята. Для артыстаў заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля танца «Радасць» Брэсцкага гарадскога Дома культуры яна разам з Валянцінай Струнец, дырэктарам Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці выткала 10 спадніц і 10 фартушкоў з узорамі Маларыцкага строю адзення (2012).

Сцепаніда Аляксееўна доўгі час спявала ў хоры мясцовай царквы (мела прыгожае сапрана), добра ведала фальклорную спадчыну. Выканала песні для праграмы «Наперад у мінулае» (тэлеканал «Беларусь-2»). Спявак Віталь Пракаповіч песню «Святы месячэньку» з «рэпертуару» Сцепаніды Сцепанюк запісаў у сучаснай аранжыроўцы. Была адным з ініцыятараў надання традыцыі выпякання грачанага хлеба статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь (2020).

Праводзіла майстар-клас па ткацтве для тэлепраграмы «Спадчына» («Мінск ТV»). Стала галоўнай гераіняй 13-хвіліннага хранікальна-дакументальнага фільма «Узоры лёсу» («Беларускі відэацэнтр»), які расказвае пра матэрыяльна-духоўную спадчыну Маларытчыны. Падчас абласнога пленэру мастакоў «Традыцыі і легенды Маларыцкага краю» (2014) брэсцкі мастак Ігар Раманчук напісаў яе партрэт. На XIV абласным пленэры разьбяроў манументальнай скульптуры разьбяр Мікалай Задрэйка з г. Івянца высек з дубовага «камля» беларуску, прататыпам для стварэння якой стала Сцепаніда Сцепанюк. Яна з’яўляецца галоўнай гераіняй 25-хвіліннай праграмы «Вяскоўцы».

Узнагароджвалася граматамі ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама і Маларыцкага райвыканкама. Атрымала Гран-пры конкурсу майстроў традыцыйнага ткацтва «Палатняныя пераплёты» за аднаўленне тэхнікі ткацтва, які праводзіўся ў рамках ХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» (2012); дыпломы Ягелонскага кірмашу (Польшча) і VІ Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу рамёстваў «Вясновы букет» (2003); грамадскі ордэн «За вернасць Бацькашчыне» (2015) пад № 4.

За значны ўклад у асваенне тэхнік ткацтва і вышыўкі, а таксама за захаванне каштоўных прыкладаў традыцыйнага касцюма Маларыцкага рэгіёна, Сцепаніда Аляксееўна была адзначана падзячным лістом ад міністра культуры Рэспублікі Беларусь. Яе мастацтва таксама было высока ацэнена Саюзам майстроў народнай творчасці, што прывяло да прысваення ёй ганаровага звання «Народны майстар Рэспублікі Беларусь» (2012). Стала першай у Маларыцкім раёне, хто атрымаў такое званне.

За захаванне і папулярызацыю традыцый народнай культуры і аднаўленне тэхналогіі ткацтва касцюма Маларыцкага ладу С. А. Сцепанюк прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Маларыцкага раёна» (2019). 25 лютага 2021 г. уручаны нагрудны знак «За ўклад у развіццё культуры Беларусі».

У верасні 2021 г. здарылася няшчасце — згарэла хата С. А. Сцепанюк з усімі яе скарбамі: саматканымі рушнікамі, посцілкамі, традыцыйнымі строямі, наміткамі, загінула амаль усё, што зрабіла за сваё жыццё. Сама Сцепаніда Аляксееўна, якая перанесла інсульт і ўжо была фактычна прыкаваная да ложка, цудам выратавалася, вылезшы праз акно.

С. А. Сцепанюк памерла 1 ліпеня 2022 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Кучына Галіна Уладзіміраўна, загадчык аддзела маркетынгу,

сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы

 

  1. Навумчык, М. У спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей : [статус гісторыка-культурнай каштоўнасці быў нададзены традыцыйнай тэхналогіі ткацтва «кажушком» з Маларытчыны] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2023. 22 сакавіка. С. 8.
  2. Мошчык, С. Не стала бабулі Стэпы... : [некралог] / Сяргей Мошчык // Вечерний Брест. 2022. 8 июля. С. 4.
  3. Памяти Степаниды Алексеевны Степанюк : [некролог] // Голас часу. Маларыта, 2022. 6 ліпеня. С. 7.
  4. Навумчык, М. Не будзе страчана самабытная спадчына / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2022. 9 красавіка. С. 1, 9.
  5. Навумчык, М. Высокая ўзнагарода / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2022. 23 лютага. С. 3.
  6. Яцушкевіч, К. У гасцях у бабулі Стэпы : [4 снежня з 86-годдзем віншавалі С. А. Сцепанюк з в. Дарапеевічы – самабытную ткачыху, народнага майстра Рэспублікі Беларусь, Ганаровага грамадзяніна Маларыцкага раёна] / Кацярына Яцушкевіч // Голас часу. Маларыта, 2021. 8 снежня. С. 3.
  7. Мошчык, С. Слёзы бабы Стэпы : [аб народным майстры Беларусі ў галіне ткацтва С. А. Сцепанюк з в. Дарапеевічы Маларыцкага раёна] / Сяргей Мошчык // Вечерний Брест. 2021. 17 сентября. С. 1–2.
  8. Уклад у развіццё культуры Беларусі : [25 лютага С. А. Сцепанюк быў уручаны нагрудны знак «За ўклад у развіццё культуры Беларусі»] // Голас часу. Маларыта, 2021. 27 лютага. С. 2.
  9. Навумчык, М. Выткаць і вышыць мясцовы каларыт / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2020. 15 ліпеня. С. 8.
  10. Яцушкевіч, К. Берагіня, альбо Сакральная музыка кроснаў : [аб народным майстры Рэспублікі Беларусь С. А. Сцепанюк] / Кацярына Яцушкевіч // Заря. 2019. 4 декабря. С. 13 ; Голас часу. Маларыта, 2019. 4 снежня. С. 3–4.
  11. Чамковский, В. Вещий сон бабушки Степаниды : [С. А. Степанюк] / Виктор Чамковский // СБ. Беларусь сегодня. 2019. 25 октября. C. 8-9.
  12. Навумчык, М. Новае пакаленне майстроў ткацтва / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2018. 8 снежня. С. 1, 9.
  13. Максімук, С. Аднаўляць і захоўваць традыцыі продкаў : [на базе раённага Цэнтра народнай творчасці прайшлі майстар-класы па ткацтву ў рамках праекта «Народная творчасць без межаў»] / Святлана Максімук // Голас часу. Маларыта, 2018. 11 ліпеня. С. 4.
  14. Мощик, С. Сны аб прыгожым : [аб народным майстры С. Сцепанюк з в. Дарапіевічы Маларыцкага раёна] / Сяргей Мошчык // Вечерний Брест. 2018. 13 июля (№ 28). С. 7. (приложение: Вечерний экспресс ; № 2).
  15. Сакалоўская, А. Добры дзень, баба Стэпа! : [пра народнага майстра Беларусі ткачыху С. А. Сцепанюк з в. Дарапеевічы Маларыцкага раёна] / Алёна Сакалоўская // Заря. 2018. 28 апреля. С. 4.
  16. Навумчык, М. Узоры лёсу Сцепаніды Сцепанюк / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2018. 25 красавіка. С. 5.
  17. Навумчык, М. За адказам – да Сцепаніды Сцепанюк / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2017. 4 лістапада. С. 6.
  18. Соколовская, Е. Юбилей Степаниды Степанюк / Елена Соколовская // Заря. 2015. 17 декабря. С. 21.
  19. Навумчык, М. За вернасць Бацькаўшчыне / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2015. 9 снежня. C. 1.
  20. Навумчык, М. У гасцях у «Спадчыны» / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2015. 18 лістапада. C. 2.
  21. Быцко, Л. Маларытчына : майстар у эпіцэнтры : [аб народным майстры ў галіне ткацтва С. А. Сцепанюк з в. Дарапіевічы Маларыцкага раёна] / Ларыса Быцко // Культура. 2015. 5 снежня. С. 10–11.
  22. Быцко, Л. Майстар у эпіцэнтры : [пра С. А. Сцепанюк] / Ларыса Быцко // Голас часу. Маларыта, 2015. 5 снежня. С. 10.
  23. Быцко, Л. «Сон у летнюю ноч» : да 80-годдзя народнага майстра Рэспублікі Беларусь Сцепаніды Сцепанюк / Ларыса Быцко // Культурнае жыццё Брэстчыны. 2015. № 5. С. 36–37.
  24. Навумчык, М. Па вуліцах Любліна – з партрэтам Сцепаніды / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 14 кастрычніка. 2015. C. 2.
  25. Навумчык, М. Белым шоўкам па белым палатне : [творчасць С. А. Сцепанюк] / Мікалай Навумчык // Культура. 2014. 21 чэрвеня. С. 10.
  26. Навумчык, М. Вясновы букет / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2014. 11 чэрвеня. C. 4.
  27. Навумчык, М. Гальштук з Маларыты : майстар-клас ідэй ад Куцюр / Мікалай Навумчык // Культура. 17 мая. 2014. C. 12.
  28. Гарбацэвіч, А. Калі спадніца і грачанік – брэнды... : [аб арганізацыі работы ў аддзеле культуры Маларыцкага райвыканкама] / Андрэй Гарбацэвіч // Культура. 2014. 26 красавіка. С. 12.
  29. Гармель, А. Вяртанне да вытокаў : [клас ткацтва адкрыўся ў Дарапеевіцкім сельскім Доме культуры Маларыцкага раёна] / Алёна Гармель // Настаўніцкая газета. 2014. 8 лютага. С. 22.
  30. Навумчык, М. Клас ткацтва : [у Даравеевіцкім СДК] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2014. 29 студзеня. С. 1, 8.
  31. Навумчык, М. Ткацтва з «даліны Буга» / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2013. 11 снежня. C. 2.
  32. Навумчык, М. Майстар-клас на «Ягелонскім кірмашы» / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2013. 28 жніўня. C. 3.
  33. Галавій, Н. Зоркі запальваюцца ў Віцебску : [майстры Маларыцкага раённага Цэнтра народнай творчасці пабывалі са сваімі работамі на «Славянскім базары ў Віцебску» і прывезлі ўзнагароды] / Наталля Галавій // Голас часу. Маларыта, 2013. 24 ліпеня. С. 4.
  34. Навумчык, М. Народны майстар Маларытчыны / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2013. 18 мая. C. 1–2.
  35. Навумчык, М. Прызнанне самабытнасці / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2012.10 кастрычніка. C. 8.
  36. Мошчык, С. Крыж-абярэг Дарапеевічаў : [царква ў в. Дарапеевічы. Званар Сцяпан Ярманюк. Дарапеевіцкі крыж. Мясцовая ткачыха С. Сцепанюк] / Сяргей Мошчык // Вечерний Брест. 2012. 25 июля. С. 7.
  37. Навумчык, М. Маларытчына – этнаграфічны край / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2012. 11 ліпеня. С. 8.
  38. Навумчык, М. Радасць – для «Радасці» / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2012. 18 красавіка. C. 1.
  39. Мошчык, С. «Кажушком тканы» ўзор аднавілі на Маларытчыне : [у хаце ткачыхі С. Сцепанюк рыхтуюць сцэнічныя касцюмы для ансамбля танца «Радасць»] / Сяргей Мошчык // Вечерний Брест. 2012. 15 февраля. С. 7.
  40. Навумчык, М. З узорамі па лёсе / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2011. 12 кастрычніка. C. 8.
  41. Навумчык, М. Прызнанне таленту / Мікалай Навумчык // Голас часу.  Маларыта, 2011. 3 верасня. C. 1–2.
  42. Навумчык, М. У кожнай сцежкі свій працяг / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2010. 21 жніўня. С. 1.
  43. Навумчык, М. Вытканы галоўны ручнік : [майстрыха С. А. Сцепанюк выткала ручнік для абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2010»] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2010. 13 сакавіка. С. 1.
  44. Навумчык, М. Народнай майстрысе – 75 / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2010. 19 студзеня. С. 2.
Чытаць 94 разоў Апошняя змена Серада, 19 Лістапад 2025 10:44