Серада, 17 Снежань 2025 11:27

2025 г. – 190 гадоў з часу перанясення іконы Божай Маці «Замілаванне» ў г. Маларыту (1835), унікальнага помніка іканапісу пачатку ХV ст.

У храме свяціцеля Мікалая Цудатворца г. Маларыта Брэсцкай вобласці знаходзіцца спіс старажытнай іконы Божай Маці «Элеуса» («Замілаванне»). Гісторыя гэтага абраза пакрыта тайнамі. Дакладную гісторыю цяжка вызначыць, улічваючы гістарычныя перамены, якія перажыла Брэсцкая зямля. 

Ікона Божай Маці была прынесена яе ўладальнікам Экзархам Канстанцінопальскім архідыяканам Нікіфарам (Парасхесам-Кантакузіным) у г. Брэст напярэдадні заключэння Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 г. Старшыня Брэсцкага Сабора архідыякан Нікіфар здолеў правесці пасяджэнне праваслаўнага боку так, што рашэнні Праваслаўнага Сабора атрымалі кананічную сілу, а уніяты былі асуджаны. Аднак па палітычных матывах рашэнні Сабора не былі прызнаны. Праваслаўнага падзвіжніка, асобу велізарнага маштабу экзарха Нікіфара абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Турцыі, заключылі ў Мальбаркскі замак на тэрыторыі Польшчы, дзе праз два гады замарылі голадам.

 Ікона Божай Маці «Замілаванне» захоўвалася ў храмах г. Брэста больш за 330 гадоў. Перад ёю маліліся абаронцы праваслаўя Афанасій Брэсцкі, Макарый Канеўскі і інш. У 1833 г. пачаліся будаўнічыя работы па ўзвядзенню Брэст-Літоўскай крэпасці. Велічныя пабудовы старажытнага горада былі знішчаны альбо прыстасаваны пад ваенныя мэты. Тут на маштабных пераўтварэннях працавалі жыхары навакольных вёсак і мястэчак, у тым ліку з в. Маларыты.

За харошую работу жыхары Маларыты ў 1835 г. атрымалі абраз Божай Маці і ў Велікодныя дні перанеслі ў свой Свята-Мікалаеўскі храм (на той час уніяцкі). У 1899 г. у вёсцы здарыўся вялікі пажар, драўляны храм згарэў, але іконы былі выратаваны. Пасля заканчэння будаўніцтва новага храма ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца ў 1907 г. ікона вярнулася для агульнай малітвы.

У 1981 г. ікона, як значная гісторыка-культурная каштоўнасць, была вывезена ў Музей старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. На іконе з Маларыты выразна праслежваецца сувязь з традыцыямі візантыйскага і старажытнарускага іканапіснага мастацтва, што сведчыць аб захаванні старажытнарускай традыцыі на гэтых тэрыторыях, нягледзячы на ўзмацненне тэндэнцый паланізацыі і лацінізацыі.

Па стылю стварэнне іконы можна аднесці да канца ХІV – пачатку ХV стст. Аўтар невядомы, але лічаць, што напісана грэчаскім майстрам Нікаласам Ламбудзісам са Спарты. Падобная ікона «Замілаванне» пачатку ХV ст. знаходзіцца ў калекцыі Эрмітажа (Санкт-Пецярбург). Падабенства гэтых дзвюх ікон уражвае. Відавочна, што яны выйшлі з адной майстэрні. Почырк майстра застаецца нязменным і лёгка пазнаецца.

Мастак прыдаў выявам на іконе пераканаўчую жыццёвасць. Дзіця з пяшчотнай цеплынёй дакранаецца шчакі сваёй Маці, чый позірк нясе ў сябе бязмежнасць матчынай любові, усхваляванасць і смутак. Асаблівасць Маларыцкай іконы ў тым, што Маці, абдымаючы Сына, робіць рукамі «кола», а ножкі Дзіцяці адкрыты да кален. У каларыстычнай структуры абраза пераважаюць жоўтыя, вохрыстыя, карычневыя і чырвоныя фарбы, якія пазней стануць вядучымі для беларускага іканапісу. У сучаснае мастацтвазнаўства помнік іканапісу ўвайшоў пад назвай «Маларыцкая ікона Божай Маці», або ікона Божай Маці «Замілаванне Маларыцкая».

Аднак у ноч на 4 снежня 1991 г. абраз быў дзёрзка выкрадзены зламыснікамі з музея і цяпер яго месцазнаходжанне невядома. У 2008 г. да 100-годдзя асвячэння Свята-Мікалаеўскага храма мясцовы, з в. Хаціслаў, іканапісец Святлана Тарасюк (з 2019 г. у манастве пад імем Домна) аднавіла Маларыцкую ікону Божай Маці «Замілаванне». Работа выканана ў дакладных памерах (67х47х2 см) па апісаннях і фатаграфіях з Музея старажытнабеларускай культуры. Адроджаная ікона была ўрачыста асвячона і змешчана ў спецыяльны ківот. Ушанаванне абраза адбываецца 6 лістапада. Прыхажане з пашанай ставяцца да гэтай іконы і паводле сваёй веры атрымліваюць дапамогу і суцяшэнне.

У снежні 2012 г. у Маларыце была зарэгістравана праваслаўная абшчына ў гонар Маларыцкай іконы Божай Маці. Пад будаўніцтва новага храма выдзелены пляц плошчай 1,05 га ў раёне перакрыжавання вуліц Школьная і Маруды. Праект храма ў 2014 г. распрацавалі ў ААТ «Буг-Праект» (Брэст). Урачыстая закладка храма адбылася 26 кастрычніка 2015 г. Будаўніцтва вядзе протаіерэй Віктар Паляціла.

Храм узводзіцца з цэглы, будзе мець два ўзроўні, стане ўпрыгожваннем горада. Агульныя памеры храма – 18х30 м. Прытвор са званіцай вышынёй 28 м, вышыня цэнтральнага купала – 22 м, чатырох бакавых – 16 м. У 2025 г. былі падняты купалы. Побач з храмам будуць будынкі нядзельнай школы, бібліятэкі, хрысцільны храм з капліцай.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii

 

  1. Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца : [г. Маларыта] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 248.
  2. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. –  511 с., [40] л. іл. – Са зместу: Пачатак ХVІІ ст., 1900–1907, Маларыта. С. 150–151.
  3. Теплова, В. А. Экзарх Никифор Кантакузин и Брестский церковный собор 1596 г. / В. А. Теплова // Ученые записки: сборник научных статей факультета теологии [Европейского гуманитарного университета]. Минск, 2004. Вып. 2. С. 138–148.
  4. Яскевіч, Л. Падзвіжнікі і іх святыні : духоўная культура старажытнай Беларусі. – Мінск : Полымя, 2001. – 369 с. : іл. – Са зместу: Маларыцкая ікона Божай Маці «Замілаванне». С. 193.
  5. Штыхаў, Г. Гісторыя Беларусі ў сярэднія вякі : падруч. для 6-га кл. сярэд. шк. / Г. Штыхаў, А. Ракуць. – Мінск : Народная асвета, 1996. – 176 с. : іл. – Са зместу: Маці Божая «Замілаванне» – абраз з Маларыты. С. 159.
  6. Гісторыя Беларусі : вучэбны дапаможнік. – Мінск : Экаперспектыва, 1996. – 496 с. : іл. – Са зместу: [Абраз Маці Божай «Замілаванне» з Маларыты]. С. 121.
  7. Пятницкий, Ю. А. Икона круга мастера Николая Ламбудиса из Спарты в коллекции Эрмитажа / Ю. А. Пятницкий // Древнерусское искусство : Византия и Древняя Русь : к 100-летию Андрея Николаевича Грабара (1896–1990). С. Петербург, 1999. С. 359–379.
  8. Сакральная живопись Беларуси XV–XVIII веков = Сакральны жывапіс Беларусі ХV–XVIII стагоддзяў: [альбом] / авт. текста и сост. Н. Ф. Высоцкая. – Минск: Беларусь, 2007. – 220 с.: ил.
  9. Церашчатава, В. В. Музей старажытнабеларускай культуры / В. В. Церашчатава // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 682–683.
  10. Навумчык, М. Царква заззяла купаламі : [у Маларыце працягваецца будаўніцтва царквы ў гонар іконы Божай Маці] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2025. 4 студзеня (№ 1). С. 7.
  11. Гужаловский, А. А. Музеи Советской Белоруссии в эпоху перестройки и гласности (1985–1991) : [упоминается кража иконы Божьей Матери «Умиление»] / А. А. Гужаловский // Вопросы музеелогии. 2024. Т. 15, вып. 1. С. 27–45.
  12. Наумчик, Н. Новая жизнь иконы малоритской Божией Матери «Умиление» : [об иконописце Светлане Тарасюк] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2023. 28 снежня (№ 52). С. 6.
  13. Ролич, О. Малоритская Богоматерь «Умиление» / Ольга Ролич // Заря. 2019. 13 ноября. С. 19.
  14. Ролич, О. Богоматерь «Умиление»: 6 ноября – Малоритской иконы Божией Матери / Ольга Ролич // Царкоўнае слова. 2019. 1 лістапада (№ 44). С. 8–9.
  15. Мощик, С. Храм Малоритской Богоматери: в Малорите строят церковь в честь иконы, которой... нет: [об истории Малоритской иконы Божьей Матери «Умиление»] / Сергей Мощик // Вечерний Брест. 2015. 23 января. С. 6.
  16. Криминал: [информация о факте воровства икон ХV–ХVI вв. из музея Института искусствоведения, этнографии и фольклора Академии наук Республики Беларусь] // Вечерний Минск, 1991. 16 декабря.
  17. Гойтан, У. Паўабраза знайшлі, дзе астатняе? : [вакол праблемы крадзяжу абразоў з Музея мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Рэспублікі Беларусь] / Уладзімір Гойтан // Звязда. 1991. 11 снежня. С. 1.
  18. Краснеўскі, М. А. Крадзеж стагоддзя : [супрацоўнік крымінальнага вышуку МУС рэспублікі каменціруе крадзеж абразоў з Музея мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Рэспублікі Беларусь і сітуацыю з захоўваннем антыкварыяту ўвогуле] / Мікалай Аляксандравіч Краснеўскі ; гутарыў Аляксандр Коктыш // Звязда. 1991. 6 снежня. С. 3.
Чытаць 55 разоў