Чацвер, 19 Люты 2026 09:22

18 чэрвеня 2026 г. — 105 гадоў з дня нараджэння Марка Аляксандравіча Русіна (1921–1977), кампазітара, музычнага педагога

Марк Аляксандравіч Русін нарадзіўся 18 чэрвеня 1921 г. у г. Кінешма Іванаўскай вобласці. Яго бацька Аляксандр Аляксеевіч быў бухгалтарам, а таксама заўзятым садаводам і кветкаводам. Брат маці Аляксандры Аляксандраўны працаваў бібліятэкарам, але яшчэ быў кампазітарам. Менавіта Мікалай Аляксандравіч Голубеў захапіў пляменніка музыкай.

Разам з ім Марк Русін напачатку Вялікай Айчыннай вайны пайшоў на фронт. Марк не належаў да прызыву з-за аслабленага зроку на адно вока (вынік траўмы ў школьныя гады), але запісаўся добраахвотнікам і надзеў ваенную форму. Усю вайну прайшоў музычным кіраўніком ансамбля песні і танца, начальнікам клуба 31-й арміі, а яго дзядзька М. А. Голубеў загінуў на фронце.

Пасля вайны Марк Русін скончыў Маскоўскі дзяржаўны музычна-педагагічны інстытут імя Гнесіных (1951). Яго педагогамі былі выдатныя музыканты і кампазітары — Міхаіл Фабіянавіч Гнесін і Арам Ільіч Хачатуран. У інстытуце сустрэў сваю другую «палавінку» — Тамару Рыгораўну Бубен (1924–2017), разам з жонкай прыехаў па накіраванні працаваць у правінцыйны Брэст.

З 1951 г. М. А. Русін — выкладчык музычна-тэарытычных дысцыплін Брэсцкага музычнага вучылішча. Т. Р. Бубен стала педагогам па вакалу, затым па класу фартэпіяна. Яны выхавалі сотні музыкантаў, якія працягвалі традыцыі фартэпіяннай школы, паспяхова працавалі педагогамі ў дзіцячых музычных школах. Сярод вучняў Эдуард Ханок, кампазітар, народны артыст Рэспублікі Беларусь, Уладзімір Камароў, кампазітар, народны артыст Расійскай Федэрацыі.

Адначасова М. А. Русін, член Саюза кампазітараў СССР з 1951 г., — загадчык музычнай часткі Брэсцкага абласнога драматычнага тэатра імя ЛКСМБ. Да гэтага ў тэатры музычнае афармленне спектакляў рабілі з урыўкаў розных твораў, якія выконваліся на фартэпіяна ці іншых інструментах. Кампазітар М. А. Русін найбольш плённа працаваў у галіне тэатральнай музыкі. Для яго работ характэрны меладызм, поўная адпаведнасць музычнага афармлення драматургічнай асновы спектакля. Ствараў яркія, эмацыянальныя творы да спектакляў. Аўтар музыкі для больш за 50 драматычных пастановак. Для запісу музычнага суправаджэння спектакляў прыцягваліся музыканты ваеннага аркестра, педагогі і навучэнцы музычнага вучылішча.

Сярод пастановак у Брэсцкім драматычным тэатры: «Дама-невідзімка» (1949), «Страчаны дом» (1950), «Брэсцкая крэпасць» (1953, 1973), «Дон Сезар дэ Базан» (1954), «Салаўі пяюць на волі» (1955), «Іван-ды-Мар’я» (1955). «Сапраўдны чалавек» (1955). «Выкрыты цудатворца» (1956), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» (1956), «Людзі, якіх я бачыў» (1958), «Куточак бур (1958), «Тайфун» (1958), «На вуліцы Шчаслівай» (1958), «Небяспечная прафесія» (1959), «Схаваны кабальера» (1959), «Іркуцкая гісторыя» (1960), «Вызвалены Дон-Кіхот» (1961), «У сэрцы Афрыкі» (1961), «Сабака на сене» (1962), «Пунсовая кветачка» (1962), «Паварот ключа» (1963), «Фінал» (1964), «Атэла» (1965), «Цуды пагаржання» (1966), «Сельскія вечары» (1966), «Грэшнае каханне» (1967), «Людзі і камяні» (1968), «Праз 100 гадоў у бярозавым гаі» (1968), «Валыншчык са Страконіц» (1969), «Алёнушка і салдат» (1969), «Дон Хіль — зялёныя штаны» (1970), «У ноч зацьмення месяца» (1972 і інш. 

У Брэсцкім абласным тэатры лялек аформлены спектаклі: «Дзед і Жораў» (1968). «Алі-баба і разбойнікі» (1971), «Гасан — шукальнік шчасця» (1973) і інш.

У творчай спадчыне кампазітара сачыненні для салістаў, хору і сімфанічнага аркестра — кантата «Огни на Волге» (1951); для сімфанічнага аркестра — «Праздничная  увертюра» (1958); для струннага аркестра — «Сюита» (1959); для аркестра народных інструменртаў — «Увертюра» (1948), «Сюита» (1950); для баяна і аркестра народных інструментаў — канцэрты: I (1954), II (1961); для скрыпкі і фартэпіяна — «Скерцо» (1962), «Соната» (1954), «Вариации» (1955), «Пять пьес» (1956); для голаса і фартэпіяна — рамансы на словы А. Пушкіна і А. Блока (1950); хоры і песні на словы савецкіх паэтаў.

М. А. Русін заўчасна памёр 17 кастрычніка 1977 г.

Яго сын Андрэй Маркавіч Русін атрымаў музычную адукацыю, працягвае справу бацькоў — працуе выкладчыкам у Брэсцкім музычным каледжы імя Р. Р. Шырмы. З ім звязана станаўленне мастацтва ігры на гітары ў Брэсце, стварыў таварыства гітарыстаў вобласці.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii

 

  1. Сівалобчык, Л. А. Русін Марк Аляксандравіч / Л. А. Сівалобчык // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2003. Т. 2. С. 308.
  2. Жабинский, Р. А. Брестский музыкальный колледж: история и современность / Р. А. Жабинский. – Брест : Альтернатива, 2011. – 227 с. : ил. – Из содерж.: М. А. Русин. С. 19, 53 ; Т. Г. Бубен. С. 59–60.
  3. Комаров, В. Мозаика жизни / Владимир Комаров. – Москва, 2011. – 398 с. : фот. – Из содерж.: М. А. Русин. С. 24.
Чытаць 20 разоў Апошняя змена Чацвер, 19 Люты 2026 09:28