Чацвер, 19 Люты 2026 09:28

23 лютага 2026 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Расціслава Аляксеевіча Шылая (1936–2004), заслужанага архітэктара БССР

Расціслаў Аляксеевіч Шылай нарадзіўся 23 лютага 1936 г. у в. Раўнаполле Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці ў рабоча-сялянскай сям’і. Закончыў Рудзенскую сярэднюю школу. Школьнікам Расціслаў любіў выяўленчае мастацтва, маляваў карціны, афармляў насценгазеты. Пасля школы вучыўся на будаўнічым факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута (1954–1960).

З 1960 г. Расціслаў Шылай працаваў у інстытуце «Аблпраект» («Брэстграмадзянпраект»; цяпер ААТ «Брэстпраект»). Першая работа маладога спецыяліста — два 9-павярховыя жылыя дамы на паўднёвым уездзе ў горад (1961–1963). Улічваючы важнасць месца на пачатку бул. Шаўчэнкі, праект распрацоўваўся і праходзіў па конкурсу. На той час у Брэсце не было высотных будынкаў, горад меў выгляд правінцыйны, ціхі і зялёны, таму над кожным праектам даводзілася шмат працаваць.

З 1981 г. — галоўны архітэктар Брэсцкай вобласці, начальнік абласнога ўпраўлення па будаўніцтву і архітэктуры. З 1996 г. кіраўнік персанальнай творчай майстэрні. Паралельна з асноўнай працай Расціслаў Аляксеевіч некалькі гадоў выкладаў у Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце, узначальваў дзяржаўную экзаменацыйную камісію. Член Саюза архітэктараў БССР (1984). Заслужаны архітэктар Беларускай ССР (1985). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР (1988). Акадэмік Беларускай акадэміі архітэктуры (1997).

Асноўныя пабудовы: будынак інстытута «Брэстграмадзянпраект» (1962); тэлевізійна-студыйны комплекс (1965); комплекс жылых дамоў з прадпрыемствамі культурна-бытавога абслугоўвання па вул. Маскоўскай (1970-я гг.); клінічны гарадок абласной бальніцы па вул. Медыцынскай (1973); будынак Брэсцкага музычнага вучылішча па вул. Гогаля (1973); кінатэатр «Беларусь» (1976); адміністрацыйны будынак Брэсцкага абкама КПБ (1978; цяпер гарвыканкам); 12-павярховыя жылыя дамы па вул. Набярэжная — № 28, № 32, № 38 (1978); 9-павярховыя жылыя дамы з устроенна-прыбудаванымі мастацкім салонам, магазінам і ашчадкасай па вул. Савецкай — № 54, № 56, № 58 (1977); 9-павярховы жылы дом па вул. Энгельса № 12 (1980); будынак аэравакзала «Брэст» (1986); рэканструкцыя гандлёвага цэнтра «Славянскі базар» (200–2001), будынка вытворчага аб’яднання пад гандлёвыя рады па вул. Куйбышава (2001).

Упрыгожанне вул. Савецкай — кінатэатр «Беларусь». Пабудаваны ў 1976 г. вакол старой пабудовы ХІХ ст. Узведзены сцены з высокімі зашклёнымі плоскасцямі (акрамя дваровай часткі, дзе зроблены надбудовы). На першым паверсе касавы вестыбюль свабодна пераходзіць у фае малой залы на 400 месцаў, тут жа зала для праглядаў на 50 месцаў. Дзве лесвіцы вядуць на другі паверх у прасторнае фае вялікай залы на 900 месцаў, разлічана на паказы шырокафарматных і шырокаэкранных кінафільмаў. На трэцім паверсе тэхнічныя памяшканні, кінапраекцыйны комплекс. За кінатэатр Р. А. Шылай быў узнагароджаны дыпломам ВДНГ СССР.

Праект аэравакзала «Брэст» распрацаваў калектыў архітэктараў інстытута «Брэстграмадзянпраект». За гэту работу аўтары, у тым ліку Р. А. Шылай, былі ўдастоены Дзяржаўнай прэміі БССР (1988). Намаганнямі будтрэста № 8 аэравакзальны комплекс пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю 15 кастрычніка 1986 г. Брэсцкі аэрапорт быў паказаны ў мастацкіх фільмах «Спасибо, что живой» (2011), «Пальма» (2020) і «ГДР» (2023).

Адна з апошніх работ Р. А. Шылая ў Брэсце — завяршэнне праекта помніка пісьменніку Тарасу Шаўчэнку на бульвары яго імя (2002). Бюст вырабіў украінскі скульптар Уладзімір Піліпавіч Галаўко (1953–2000) з г. Чаркасы. Помнік, які стаў падарункам ад Чаркаскай вобласці Украіны, быў адкрыты 21 жніўня 2002 г. Акцыя была прымеркавана да Году Тараса Шаўчэнкі ў Рэспубліцы Беларусь.

У вольны час Расціслаў Аляксеевіч захапляўся літаратурай, музыкай, жывапісам. З жонкай Ларысай Усеваладаўнай, інжынерам, выгадавалі дзвюх дачок, абедзве працуюць у будаўнічай галіне, а Наталля Расціславаўна — архітэктар. Р. А. Шылай памёр 4 кастрычніка 2004 г.

11 жніўня 2006 г. Р. А. Шылаю ўстаноўлена мемарыяльная дошка на доме, дзе ён жыў (вул. Крупскай, 7).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii

 

  1. Шылай Расціслаў Аляксеевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2004. Т. 18, кн. 1. С. 10.
  2. Шилай Ростислав Алексеевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 470.
  3. Андреюк, А. А. Шилай Ростислав Алексеевич / А. А. Андреюк // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 282–283.
  4. Шылай Расціслаў Аляксеевіч // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. С. 610–611.
  5. Хорошко, Н. Академик архитектуры : [о Р. А. Шилае] / Николай Хорошко // И светится жизнь : очерки и рассказы. Брест, 2009. С. 108–112.
  6. Шамрук, А. С. Архитектура Беларуси ХХ – начала ХХI в.: эволюция стилей и художественных концепций / А. С. Шамрук. – Минск : Белорусская наука, 2007. – Из содерж.: Р. А. Шилай. С. 183, 189, 191, 193, 198.
  7. Аникин, В. И. Брестская крепость-герой / В. И. Аникин. – Москва : Стройиздат, 1985. – Из содерж.: Р. А. Шилай. С. 134, 141, 155, 157, 160, 168, 173, 175, 179, 195, 196.
  8. Заслужаныя архітэктары: Шылай Расціслаў Аляксеевіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 622.
  9. Союз архитекторов БССР областная организация : [упомянут Р. А. Шилай] // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 336–337.
  10. Анікін, В. І. Брэсцкі аэравакзал / В. І. Анікін // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. С. 90.
  11. «Беларусь», кинотеатр : [архитектор Р. Шилай] // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 80–81.
  12. Чарняўская, Т. І. Ансамбль жылых дамоў : [вул. Набярэжная г. Брэста] / Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 36.
  13. Чарняўская, Т. І. Ансамбль жылых дамоў : [бул. Касманаўтаў г. Брэста] / Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 36.
  14. Лаховец, М. След, оставленный на века : [об открытии мемориальной доски академику архитектуры Р. А. Шилаю] / Марта Лаховец // Брестская газета. 2006. 18–24 августа. С. 3.
  15. Последний штрих на творческом здании : [по ул. Крупской, 7 г. Бреста установлена мемориальная доска архитектору Р. А. Шилаю] // Брестский курьер. 2006. 17 августа. С. 2.
  16. Шеламова, Т. Застывшая музыка мастера : [открыта мемориальная доска академику архитектуры Р. А. Шилаю] / Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2006. 11 августа. С. 4.
  17. Памяти архитектора : [об открытии мемориальной доски архитектору Р. А. Шилаю] // Брестский вестник. 2006. 10 августа. С. 8.
  18. Сутько, П. Архитектор-творец : [об академике архитектуры Р. А. Шилае (1936–2004), которому установлена мемориальная доска на доме, где он жил (ул. Крупской, 7)] / Петр Сутько // Заря. 2006. 12 августа. С. 3.
  19. Хорошко, Н. Академик архитектуры : [о заслуженном архитекторе Беларуси Р. А. Шилае] / Николай Хорошко // Заря. 2002. 17 декабря.
  20. Яскевич, С. «И потекли в одно море славянские реки» : дни Черкасской области на Брестчине начались вчера с открытия памятника Тарасу Шевченко в г. Бресте / Светлана Яскевич // Заря. 2002. 22 августа.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 12 разоў Апошняя змена Чацвер, 19 Люты 2026 12:10