Чацвер, 19 Люты 2026 09:34

26 лютага 2026 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Алены Фамінічны Раманюк (1946–2023), заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларускай ССР

Алена Фамінічна Раманюк (у дзявоцтве Канавальчук) нарадзілася 26 лютага 1946 г. у в. Мацы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Вёска Мацы знамянальная тым, што дала свету шмат цікавых, адораных, таленавітых людзей, якія дасягнулі значных вышынь у розных галінах дзейнасці, сваёй працай, талентам праславілі родны край, сваю малую радзіму. А. Ф. Раманюк не стала выключэннем.

У 1947 г. сям’я Канавальчук пераехала ў в. Залессе Кобрынскага раёна, што за 5 км. Маці працавала даяркай, таму дзяўчынка з самага ранняга дзяцінства дапамагала на ферме даіць кароў. Ужо ў малым узросце яна атрымоўвала задавальненне ад працы, адчуванне сваёй запатрабаванасці, магчымасці дапамагчы бацькам.

У 1952 г. Алена пайшла вучыцца ў Залескую сярэднюю школу. Гэта былі гады шчаслівага дзяцінства, клас быў вялікі і вельмі дружны. Закончыла школу ў 1963 г., але не пакінула родныя мясціны. У лістападзе 1964 г. выйшла замуж у суседнюю вёску Сялец. З сялецкай фермы і пачалася самастойная праца ў жывёлагадоўлі. Справа была не новай, працавала добрасумленна, з поўнай аддачай.

Неўзабаве маладая сям’я вырашыла будаваць свой дом і ў 1973 г. пераехала ў в. Залессе. На ферму ў калгас імя А. Суворава Алена Раманюк прыйшла ў 1973 г. Працавала загадчыцай фермы, лабаранткай, даяркай, з 2001 г. зноў загадчыцай фермы. Да сваёй працы адносілася з душой. Кароў любіла і вельмі перажывала, калі якая-небудзь з іх хварэла. Паказчыкі па надоям павышаліся з кожным месяцам і дасягалі 4 800 кг ад кожнай каровы групы Алены Раманюк.

Стараннасць, добрасумленнасць не засталіся незаўважанымі. Самаадданая праца нашай землячкі ацэнена па заслугах. У 1977 г. А. Ф. Раманюк адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, у 1984 г. — ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Высокія ўзнагароды стымулявалі працаваць яшчэ лепш, каб апраўдаць надзеі кіраўніцтва гаспадаркі, дзяржавы. Майстар жывёлагадоўлі А. Ф. Раманюк у 1986 г. удастойваецца ганаровага звання «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларускай ССР». Акрамя таго, у яе скарбонцы ўзнагарод сем значкоў пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва, чатыры медалі ВДНГ СССР, значкі ўдарніка камуністычнай працы і пяцігодкі. За кожнай узнагародай стаяла вялікая самаадданая праца.

Алена Фамінічна была простым і адкрытым чалавекам, падказвала, вучыла, зараджала іншых набытым вопытам. З ёй раіліся, ёй давярала кіраўніцтва, яна вылучалася дэлегатам на сходы, дэпутатам у сельскі і раённы Саветы дэпутатаў працоўных. На сходах А. Ф. Раманюк адзначала: «Трэба гадаваць годную змену, выхоўваць зацікаўленасць да працы, каб яны перажывалі за пачатую справу. Толькі так мы будзем ісці наперад. Мы ж, старэйшае пакаленне, павінны дзяліцца сваім жыццёвым вопытам, мудрасцю і матываваць на поспех!». Алена Фамінічна вельмі любіла чытаць, многа выпісвала перыёдыкі, і калі матэрыял яе «зачапляў», заўжды дзялілася сваімі ўражаннямі.

Вялікую любоў і павагу да працы яна выхавала ў сваіх дзецях. З маленства яны заўжды былі з ёю разам: і на калгаснай працы, і на ўласным падворку.

Калі А. Ф. Раманюк афіцыйна пайшла на пенсію, працу ў калгасе працягвала. Без гэтага жанчына ўжо не прадстаўляла свайго жыцця і пакуль былі сілы і жаданне, працавала, дзялілася сваім вялізным вопытам з маладым пакаленнем. Займалася справай старанна, як і раней, але сэрца балела ад таго, што змяншалася колькасць жывёлы на фермах, гублялася колькасць і якасць кармоў, мяняліся адносіны да працы ў маладога пакалення, якое аддавала перавагу лёгкаму жыццю.

Алена Фамінічна Раманюк памерла 29 чэрвеня 2023 г., пахавана на старых могілках в. Залессе. Наша зямлячка ўсё жыццё добрасумленна працавала ў калгасе і была ўпэўнена, што «чалавечае існаванне заўсёды павінна быць напоўнена сэнсам». Алена Фамінічна знайшла яго ў працы, якой аддала большую частку свайго жыцця. Пражыла дастойнае жыццё, напоўненае вялікім сэнсам, праславіўшы працай малую радзіму. Яна — прыклад для працоўнага выхавання сучаснай моладзі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Заслужаныя работнікі Беларусі : Раманюк Алена Фамінічна // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 429.
  2. Веліч чалавека ў яго працы. Раманюк Алена Фамінічна // Імя ў летапісе малой радзімы : зборнік біябібліяграфічных асветніцкіх праектаў / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук, І. В. Пакалюк. Кобрын, 2024. С. 160–169.
  3. Раманюк Алена Фамінічна // Малая радзіма вялікіх людзей : інфармацыйна-бібліяграфічны паказальнік да 460-годдзя з часу першага згадвання ў гістарычных крыніцах в. Мацы Кобрынскага раёна / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. Кобрын, 2023. С. 26.
  4. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларускай ССР. Раманюк Алена Фамінічна // Па працы – пашана : біябібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 133.
  5. 75 гадоў з дня нараджэння А. Ф. Раманюк (1946) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 21.
  6. Хільчук, М. Вялікай краіны адзнака – за старанную працу падзяка : [А. Ф. Раманюк працавала на даручаным участку калгаснай вытворчасці – у жывёлагадоўлі] / Марыя Хільчук // Кобрынскі веснік. 2003. 6 лістапада. С. 1–2.
  7. Награды за доблестный труд : [среди лучших животноводов Брестской области, удостоенных государственных наград, доярка совхоза им. Суворова Кобринского района Е. Ф. Романюк, отмеченная орденом Октябрьской Революции] // Заря. 1984. 21 января.
  8. [Передовые доярки совхоза им. Суворова : среди лучших – А. Ф. Романюк] / фото Л. Эйдина // Белорусская нива. 1980. 15 апреля.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 17 разоў Апошняя змена Чацвер, 19 Люты 2026 10:45