Пятніца, 04 Верасень 2026 14:28

1 верасня 2026 г. — 50 гадоў з пачатку работы санаторыя «Бярэсце» (Брэсцкі р-н; 1976), адной з буйных здраўніц Беларусі

У Брэсцкім раёне, за 40 км на поўдзень ад г. Брэста, былі знойдзены мінеральная вада і лячэбная сапрапелевая гразь. Тут жывапісны бераг Рагазнянскага возера (0,97х0,72 км), якое акружана масівам хваёва-ліставога леса, побач прыгожае возера Белае (1,05х0,62 км). На гэтым цудоўным месцы вырашылі пабудаваць клімата-бальнеалагічны санаторый, каб цалкам выкарыстаць патэнцыял мясцовасці.

Брэсцкае абласное аб'яднанне па будаўніцтву і эксплуатацыі здраўніц работнікаў сельскай гаспадаркі «Брэсткалгасздраўніца» занялося будаўніцтвам новага санаторыя. 10 красавіка 1976 г. аблвыканкам зацвердзіў Палажэнне аб міжкалгасным санаторыі «Бярэсце».

1 верасня 1976 г. санаторый «Бярэсце» прыняў першых гасцей: 50 перадавікоў калгасаў і саўгасаў з Брэстчыны. І далей санаторныя пуцёўкі выдзяляліся пераважна работнікам сельскай гаспадаркі, прыязджалі жыхары вёсак амаль з усяго Савецкага Саюза. Пуцёўкі аплачвалі прафсаюзныя арганізацыі.

2 верасня адбылася ўрачысць з удзелам прадстаўнікоў абласной і раённай улады, персанала і адпачываючых. Першаму адпачываючаму санаторыя, якім стаў шафёр калгаса «Чырвоны маяк» Пружанскага раёна В. В. Мацяюк, галоўны ўрач А. П. Трыбунько ўручыў памятны падарунак. Адбыўся канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці.

Спачатку быў пабудаваны 3-павярховы корпус, санаторый прымаў да 250 чалавек. 12-павярховы корпус быў узведзены ў 1983 г. па праекце брэсцкага архітэктара Г. П. Чысцякова («Брэстграмадзянпраект»), установа змагла прымаць адначасова 470 чалавек. Кабінеты былі аснашчаны сучаснай медыцынскай апаратурай, меліся плавальны басейн (25х7 м), гразелячэбніца. Пры санаторыі з'явіўся пасёлак Бярэсце, у якім на 2019 г. было 158 жыхароў. За 5 км на ўсход знаходзіцца в. Збунін, якая злучана шашой Р94 з Брэстам.

У 1981 г. быў адкрыты курорт мясцовага значэння «Белае возера» плошчай 12,6 тыс. га. Санаторый «Бярэсце» і турыстычная база «Белае возера» былі ўключаны ў склад курорта. У 2003 г. у гэтых мясцінах быў створаны рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Прыбужскае Палессе».

Пасля распаду Савецкага Саюза, санаторый, як і ўся краіна, перажываў цяжкі час. Рэзка скарацілася колькасць адпачываючых, матэрыяльная база патрабавала ўсё большага абнаўлення. З дзяржаўнай падтрымкай і стойкасцю працоўнага калектыву ўстанова выстаяла і стала развівацца.

У розны час санаторый узначальвалі: Ануфрый Пракоф'евіч Трыбунько (1976–1980), Віктар Вячаслававіч Гіліцкі (1981–1983), Кірыл Кірылавіч Асавец (1983–2001), Мікалай Васільевіч Красоўскі (2002–2003).

У 2003 г. санаторый «Бярэсце» рэарганізаваны ў адкрытае акцыянернае таварыства «Санаторна-курортная арганізацыя "Брэстаграздраўніца"». Па выніках дзяржаўнай атэстацыі прысвоены статус «санаторый першай катэгорыі для дарослых, дарослых і дзяцей». Галоўны ўрач санаторыя Сяргей Сцяпанавіч Жыцінец. Дырэктар ААТ Дзяніс Пятровіч Лапурка. Таксама ў склад ААТ уваходзіць філіял «Санаторый "Алеся"» у Iванаўскім раёне (адкрыты ў 1987 г.).

Медыцынскі профіль «Бярэсця» — лячэнне захворванняў сістэмы кровазвароту, органаў дыхання, нярвовай сістэмы, костна-мышачнай сістэмы, мочапалавой сістэмы. Медыцынскі персанал складаецца з 55 урачоў і медсясцёр. Установа аснашчана сучасным абсталяваннем, якое рэгулярна абнаўляецца. Прадстаўлены тэрапія, педыятрыя, гінекалогія, неўралогія, рэфлексатэрапія, тэрапеўтычная стаматалогія, фізіатэрапія, масаж, лячэбная фізкультура. Праводзяцца ўльтрагукавая і функцыянальная дыягностыкі. Выкарыстоўваюцца і нетрадыцыйныя метады лячэння: гірудатэрапія, ігларэфлексатэрапія, лакальная крыатэрапія, карбоксітэрапія, гіпаксітэрапія і інш. Да паслуг гасцей касметычны кабінет, спа-паслугі, стоун-тэрапія і інш.

Здраўніца ўяўляе сабой адзіны комплекс: два корпусы, лячэбная база, сталовая і басейн з мінеральнай вадой, добраўпарадкаваная тэрыторыя (22 га), спартыўная і дзіцячая пляцоўкі. У пачатку 2000-х гг., пасля рэканструкцыі памяшканняў, санаторый меў 402 месцы, затым 362, сёння разлічаны на 343 месцы. Для пражывання прапануецца 205 нумароў розных катэгорый. Працуюць: кіназала на 200 гледачоў, канферэнц-зала, танцавальная зала, летняя эстрада з танцпляцоўкай, бібліятэка з чытальнай залай. Арганізуюцца экскурсіі ў МК «Брэсцкая крэпасць-герой», НП «Белавежская пушча», музей касманаўтыкі ў Тамашоўскай СШ імя П. І. Клімука.

Штогод у «Бярэсці» адпачываюць 6–8 тыс. чалавек. Санаторна-курортныя паслугі атрымліваюць і замежныя грамадзяне, асноўную масу якіх складаюць грамадзяне Расійскай Федэрацыі. Набываюць пуцёўкі і грамадзяне Польшчы, Чэхіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Ізраіля і інш. краін.

На галоўным корпусе санаторыя ў 1987 г. устаноўлена мемарыяльная дошка воінам, якія 22 чэрвеня 1941 г. прынялі першы ўдар нямецка-фашысцкіх захопнікаў і аказалі стойкі супраціў ворагу. Тут каля возера Рагазнянскае ў летніх лагерах знаходзіліся 34-ы стралковы і 68-ы лёгкаартылерыйскі палкі 75-й стралковай дывізіі. Пяць сутак воіны вялі ўпартыя баі, 27 чэрвеня прарвалі акружэнне каля в. Макраны, выйшлі ў раён г. Пінска і працягвалі абарончыя баі.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Сухапар У. В., вядучы бібліёграф


  1. «Брестагроздравница» // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 135–136.
  2. «Берестье» // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 2. С. 373.
  3. «Берестье» // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 91.
  4. Брестагроздравница. Добро пожаловать! : открытое акционерное общество, санаторно-курортная организация / [автор текста Н. Васюк]. – Брест : РИА «Вечерний Брест», [2017?]. – [14] с., включая обложку.
  5. Берестейские родники здоровья : санаторию ОАО «Санаторно-курортная организация «Брестагроздравница» – 40 / [автор текста Н. Васюк ; составитель, фото: А. Рыбачук]. – Брест : РИА «Вечерний Брест», 2016. – 95 с.
  6. Здравницы Брестчины / [составитель О. И. Величко]. – Брест : Альтернатива, 2017. – 126, [1] с.
  7. Курорты и здравницы Беларуси : справочное издание / [Ю. М. Досин и др.]. – Минск : Беларуская Энцыклапедыя, 2008. – 338, [1] с.
  8. Дегтярев, В. М. Межколхозные здравницы : справочник / В. М. Дегтярев, В. И. Наумов. – Москва : Агропромиздат, 1986. – 207 с.
  9. Мемориальная доска советским воинам : [«Берестье», санаторий] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 131.
  10. Рагазнянскае возера : [Брэсцкі раён] // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. С. 346.
  11. Свиридович, О. Место, где 50 лет здоровье и отдых идут рука об руку / Ольга Свиридович // Заря. 2026. 26 августа. С. 24.
  12. Скрипник, Ю. Лучшая инвестиция – в свое здоровье : [услуги санатория «Берестье] / Юлия Скрипник // Заря. 2026. 10 июня. С. 12.
  13. Ярмошук, Н. Отдыхайте на здоровье! : [о санатории «Брестагроздравница] / Николай Яромошук // Брестский вестник. 2026. 22 января (№ 3). С. 6.
  14. Кислая, С. Лекарство от старости : [о работе санатория «Брестагроздравница»] / Светлана Кислая // Вечерний Брест. 2024. 3 мая (№ 18). С. 2.
  15. Федорова, И. Жемчужина района : [ОАО «СКО «Брестагроздравница» признано лучшей организацией в сфере услуг Брестского района] / Ирина Федорова // Брестский вестник. 2023. 13 июля (№ 28). С. 14.
  16. Семенов, С. На первом месте забота об отдыхающих : [о деятельности ОАО «СКО «Брестагроздравница»] / Сергей Семенов // Брестский калейдоскоп. 2022. 27 июля (№ 7). С. 2.
  17. Федорук, М. «Я ездила по разным здравницам, но эта, скажу вам, – лучше всех!» : [о деятельности СКО «Брестагроздравница»] / Марина Федорук // Заря над Бугом. Брест, 2016. 3 ноября (№ 44). С. 3.
  18. Петрова, Н. «Брестагроздравница» – оздоровление и отдых / Нина Петрова // Брестский калейдоскоп. 2016. 21 сентября (№ 18). С. 2.
  19. Богдасаров, А. Настоящее море... в полесском лесу : [о санатории «Берестье» КУП «Брестагроздравница»] / А. Богдасаров // Заря. 2009. 19 декабря. С. 9.
  20. Сутько, П. Белорусские Сочи : [о санатории «Берестье»] / П. Сутько // Белорусская нива. 2009. 12 февраля. С. 6.
  21. «Бярэсце». Тут адпачываюць душой // Голас Радзімы. 2002. 20 сакавіка (№ 12). С. 1.
  22. Козловская, Л. Женское призвание : [о враче санатория «Берестье» Т. М. Рудаковой] / Л. Козловская // Заря. 2000. 7 марта.
  23. Капустина, Л. Теплом манит к себе «Берестье» / Л. Капустина // Белорусская нива. 1999. 22 мая. С. 4.
  24. Петров, С. Добро пожаловать в «Берестье»! : [о торжественном открытии санатория «Берестье»] / С. Петров // Заря. 1976. 4 сентября. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 20 разоў