Пасля заканчэння Гродзенскага культурна-асветніцкага вучылішча ў 1972 годзе Вячаслаў Пакумейка прыйшоў працаваць хармайстрам ў Верцялішкаўскі СДК Гродзенскага раёна, дзе стварыў самадзейны калектыў “Ніва”. Праз чатыры гады за творчыя поспехі і актыўную канцэртную дзейнасць ансамблю песні і танца “Ніва” было прысвоена ганаровае званне “народны”.
У рэпертуары больш за 40 твораў. Гэта вакальныя, вакальна-харэаграфічныя, харэаграфічныя, інструментальныя кампазіцыі, беларускія і рускія народныя песні і танцы, творы на вершы і музыку гродзенскіх і мясцовых паэтаў і кампазітараў – Канстанціна Петрашэвіча, Валерыя Кручкова, Івана Адамовіча і інш. Ансамбль выконвае песні на словы Івана Адамовіча і музыку Вячаслава Пакумейкі “Верцялішкі, мае Верцялішкі” і “Сёмуха”.
У капілцы дасягненняў народнага ансамбля не адзін дзесятак дыпломаў і грамат за ўдзел і перамогі ў рэгіянальных, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Сярод іх Гран-пры Міжнароднага фестывалю фальклора ў г. Зелена Гура (Польшча), дыпломы лаўрэатаў І і ІІ ступеняў абласнога конкурсу народных хароў і ансамблей песні і танца “Над сінім Нёманам” і інш. За доўгае творчае жыццё калектыў пабываў у Аўстрыі, Бельгіі, Малдове, Югаславіі, Іспаніі, Расіі, Польшчы, Літве.
Вячаслаў Пакумейка ў 1979 годзе скончыў Беларускую кансерваторыю. У 1980 годзе яму было прысвоена званне “Заслужаны работнік культуры БССР”.
Вячаслаў Іванавіч кіраваў калектывам “Ніва” да 2004 года.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя В. Ф. Праскурава. Кулан Алена Юр’еўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
1. Пакумейка Вячаслаў Іванавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 4. С. 146.
2. Верцялішкаўскі народны ансамбль песні і танца “Ніва” // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2011. Т. 2. С. 266.
3. Верцялішкаўскі народны ансамбль песні і танца “Ніва” // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 601.
4. Ласмане, И. С “Нивой” не соскучишься / Инга Ласмане // Перспектива (Гродно). 2013. 29 нояб. С. 6.