Панядзелак, 20 Ліпень 2026 11:43

Ад горада-крэпасці — да горада-саду

Сучасны Брэст — горад з унікальным архітэктурным лёсам, які прайшоў шлях ад поўнага знішчэння сярэднявечнай спадчыны дзеля ваенных мэтаў да стварэння экалагічнай і ўтульнай гарадской прасторы.

28 ліпеня будзе святкавацца дзень горада Брэста. З нагоды гэтай даты ў сектары краязнаўства Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага адкрылася кніжная выстава «Ад горада-крэпасці — да горада-саду», дзе наведвальнікі змогуць прасачыць шлях развіцця горада праз прызму навуковых даследаванняў, энцыклапедый і рэдкіх выданняў з аўтографамі.

У 1830 годзе пачалося будаўніцтва магутнай Брэст-Літоўскай крэпасці, дзеля якой стары горад на зліцці Мухаўца і Заходняга Буга быў цалкам зруйнаваны, а сам Брэст прымусова перанесены на некалькі кіламетраў на ўсход. Напамінам пра тое старажытнае, дакрэпасное мінулае застаўся археалагічны музей, унікальныя матэрыялы пра які змешчаны ў кнізе П. Ф. Лысенкі «Берестье» (Минск, 1985). Нельга абысці ўвагай і такія выданні як: У. У. Мароз «От Берестья до Бреста из века в век» (Брест, 2004), А. Гладышчук «Замок Берестейский» (Гродно, 2017), А. В. Верабей «Город и замок Брест Литовский» (Брест, 2018).

Сама ж старажытная гісторыя Берасця ў шырокім кантэксце цудоўна адлюстравана ў навукова-папулярным выданні «Брест. На перекрёстке дорог и эпох» (Брест, 2009), ў маштабным фаліянце «Брест = Брэст = Brest: 1000» (Минск, 2019), які быў выпушчаны да юбілею горада, «Брест: энциклопедический справочник» (Минск, 1987), хроніках «Памяць. Брэст» (Мінск, 1997) з даведачным паказальнікам «Імянныя і геаграфічныя паказальнікі да кніг «Памяць» Брэсцкай вобласці» (Брэст, 2013), «Брест. 1000. Истоки, судьба, наследие» (Брест, 2019).

Больш падрабязна даведацца пра трагічныя і гераічныя старонкі ваеннага мінулага, абарону фарпоста ў гады Вялікай Айчыннай вайны можна з грунтоўных прац «Брестская крепость на ветрах истории» (Брест, 2007), «Брестская крепость. Война и мир» (Брест, 2015), «Брест в 1941—1944 гг. Оккупация: документы и материалы» (Брест, 2016), А. А. Грабёнкінай «Брест непокоренный» (Минск, 2005). Гэтак жа варта звярнуць увагу на кнігу з аўтографам У. М. Губенкі «Брест моей памяти, 30—60-е годы XX века» (Брест, 2019).

Вялікая Айчынная вайна пакінула горад і крэпасць у руінах. Аднак пасляваенны перыяд стаў часам сапраўднага працоўнага подзвігу і бурнага сацыяльна-эканамічнага росту. Цяжкі працэс вяртання да мірнага жыцця, аднаўлення разбуранай гаспадаркі, станаўленне медыцыны, адукацыі і культуры ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе максімальна дакладна адлюстроўвае зборнік архіўных матэрыялаў «Брест в 1944—1953 гг.: документы и материалы» (Брест, 2021). Гэтак жа будуць цікавыя для чытання такія кнігі, як «Улицы Бреста рассказывают ...» (Брест, 2007), Купцова, В. Г. «Я иду по городу, по знакомой улице...» (Брест, 2007), Науменко, В. Я. Брест (Минск, 1977), «Універсітэт на захадзе краіны: пачэсны шлях : [1945—2025. 80 гадоў/ Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна]» (Брэст, 2025), «Брестская областная клиническая больница : 80 лет» (Брест, 2024), «Свободная экономическая зона «Брест» : взгляд через десятилетие» (Брест, 2006), «Брестский областной краеведческий музей» (Брест, 2018) і інш. Менавіта ў другой палове XX ст. Брэст ператварыўся з дробнага прыгранічнага мястэчка ў буйны прамысловы і індустрыяльны цэнтр.

Сённяшняе архітэктурнае ператварэнне мікрараёнаў і фарміраванне зялёнага экалагічнага каркаса горада раскрывае найноўшае канцэптуальнае выданне М. М. Уласюка «Город-сад: стратегия и тактика пространственного развития города Бреста» (Брест, 2023).

Арганічна дапаўняюць кніжны рад візуальныя акцэнты — маляўнічыя буклеты, старадаўнія карты і рэтра-паштоўкі, якія дазваляюць на свае вочы параўнаць мінулае строгае аблічча бастыёнаў з сучасным патанулым у зеляніне горадам.

Запрашаем усіх жыхароў і гасцей горада наведаць нашу выставу «Ад горада-крэпасці — да горада саду», пагартаць старонкі ўнікальных кніг і адкрыць для сябе Брэст нанава! Экспазіцыя будзе працаваць да канца месяца.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 39 разоў Апошняя змена Аўторак, 21 Ліпень 2026 12:30