Васіль Фёдаравіч Праскураў нарадзіўся 25 жніўня 1926 г. у вёсцы Негаціна Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны скончыў Сваташыцкую няпоўную сярэднюю школу. У 1945 г. быў прызваны ў Савецкую Армію. Да 1950 г. служыў карэспандэнтам армейскай газеты «За честь Родины» ў Аўстрыі, Венгрыі і Германіі. У 1950–1958 гг. — старшыня Ганцавіцкага райспажыўсаюза, экстэрнам скончыў Брэсцкую гандлёва-кааператыўную школу. У 1963 г. завочна скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. У 1958–1962 гг. — супрацоўнік ганцавіцкай раённай газеты «Савецкае Палессе», у 1962–1966 гг. працаваў у ляхавіцкай раённай газеце «Будаўнік камунізму», з 1966 г. — рэдактар газеты «Савецкае Палессе». За плённую працу на ніве журналістыкі Васіль Фёдаравіч узнагароджаны чатырма медалямі СССР, дзвюма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1968), лаўрэат прэміі Саюза журналістаў СССР, Дзяржаўнай прэміі БССР імя П. М. Лепяшынскага (1986).
На доме, дзе ён жыў, і на будынку рэдакцыі газеты, у якой працаваў, у яго гонар устаноўлены мемарыяльныя дошкі; яго імя носіць вуліца, на якой ён жыў. 29 сакавіка 1996 г. імя В. Ф. Праскурава было прысвоена Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Таксама яно ўвекавечана на Алеі пісьменства ў Ганцавічах, якая была адкрыта ў 2011 г. у Дзень беларускага пісьменства.
Супрацоўнікі Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя В. Ф. Праскурава сумесна з супрацоўнікамі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага стварылі віртуальны музей «Непрачытаная кніга В. Ф. Праскурава» (спасылка: https://brl.by/museum-praskurau/views/index.html).
Калектыў Брэсцкай абласной філармоніі ўзначальвае Андрэй Сяргеевіч Гарбацэвіч.
Кніжная выстава «Святло душы вялікага творцы» складаецца з двух раздзелаў. Першы раздзел прысвечаны творчасці пісьменніка. Тут прадстаўлены кнігі: «Святая сівізна» (Мінск, 1966), «Трое з-за Лані» (Мінск, 1967), «Людзі-суседзі» (Мінск, 1974), «Пакажы чалавеку дарогу» (Мінск, 1979), «Пакланіся зямлі-карміцельцы» (Мінск, 1982), «Чорны хлеб» (Мінск, 1984). Апошні зборнік пісьменніка «Наўсцяж вясковай вуліцы», куды, акрамя нарысаў, увайшлі няскончаная аповесць, апавяданні і дакументальныя матэрыялы, выйшаў пасля яго смерці, у 1995 годзе. Таксама на выставе прадстаўлены агульныя зборнікі і фотаздымкі пісьменніка.
Другі раздзел знаёміць з творчасцю Васіля Праскурава праз літаратуразнаўчыя выданні: Уладзімір Калеснік «Зорны спеў» (Мінск, 1975), «Літаратурная карта Берасцейшчыны» (Брэст, 2008), «Літаратурная Берасцейшчына» (Мінск, 2008) і інш., а таксама праз энцыклапедычныя артыкулы і публікацыі з часопісаў і газет.
Выстава будзе дзейнічаць у сектары краязнаўства да канца жніўня.
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|